Сёння наш клас наведаў Целяханскую гарпасялковую бібліятэку ў рамках пазакласнага чытання па беларускай літаратуры і праекта «Кожная пятніца — роднае, сваё!».
Ужо ля самых дзвярэй бібліятэкі нас сустракала драўляная скульптура мудрай савы, якая сядзела на раскрытай кнізе. Яна нібыта запрашала нас у свет ведаў і нагадвала: хто сябруе з кнігай, той робіцца мудрэйшым. Гэта адразу пераклікалася з тэмай нашага ўрока — «Навука не мучыць, а жыць вучыць». Сава — сімвал мудрасці, а раскрытая кніга — крыніца ведаў, якія дапамагаюць не толькі добра вучыцца, але і разумна жыць.
Асобная ўвага сёння была нададзена праекту «Кожная пятніца — роднае, сваё!». Гэта штотыднёвы цыкл сустрэч у бібліятэцы, прысвечаных роднай мове, літаратуры, гісторыі і культуры Беларусі. Мэта праекта — выхаваць любоў да роднага слова і паглыбіць цікавасць да нацыянальнай спадчыны. У яго рамках кожную пятніцу тут праходзяць гульні, віктарыны, чытанні і агляды кніг.
Гульня "Перакладчыкі"
Гульня "Назаві паэта/пісьменніка"
Кожны атрымаў магчымасць патрымаць у руках сапраўдныя скарбы беларускага слова. На століках красоваліся зборнікі паэзіі і прозы, казкі, апавяданні і вершы беларускіх аўтараў — як тых, чые імёны мы чуем з першых школьных гадоў, так і сучасных пісьменнікаў, якія пішуць для дзяцей. Побач размясціліся тэматычныя дзіцячыя часопісы «Вясёлка», «Бярозка» і іншыя — з яркімі малюнкамі, загадкамі, гульнямі і цікавымі гісторыямі. Вучні з захапленнем гарталі старонкі, чыталі ўрыўкі ўголас, разглядалі ілюстрацыі і абмяркоўвалі, што з гэтага багацця возьмуць чытаць дадому.
Пасля знаёмства з кнігамі, што ляжалі на століках, вучні перайшлі да выбару літаратуры для хатняга чытання. Бібліятэкар патлумачыла, што ўсе кнігі расстаўлены па прозвішчах аўтараў у алфавітным парадку. Такім чынам дзеці на практыцы пераканаліся, навошта трэба ведаць алфавіт: без яго не знойдзеш патрэбнае выданне сярод мноства іншых.
Мы ведалі: каб узяць кнігу дадому, яе спачатку трэба запісаць у чытацкі фармуляр. Таму пасля выбару ніхто не спяшаўся, усе ціха і акуратна выстраіліся да бібліятэкара. Кожны трымаў сваю кнігу і па чарзе падаваў яе для запісу.
У гэты момант дзверы бібліятэкі ціха адчыніліся, і на парозе паказалася маладая мама з маленькім дзіцём. Яны таксама прыйшлі па свае кнігі — можа, для першых казак перад сном, а можа, для тых гісторый, якія хочацца чытаць разам. І ад гэтай простай сцэны на душы зрабілася светла: у век інфарматызацыі і гугла бібліятэка існуе, а людзі па-ранейшаму цэняць жывую кнігу.
Заглянулі ў залу для дарослых чытачоў
Мы шчыра падзякавалі бібліятэкару за цікавую і карысную сустрэчу
«Навука не мучыць, а жыць вучыць» — гэтыя словы сталі лейтматывам нашага візіту. А мудрая сава на раскрытай кнізе ля ўваходу яшчэ раз нагадала нам: веды — гэта не цяжар, а скарб, які дапамагае жыць, думаць і рабіць правільныя крокі ў жыцці.
Комментариев нет:
Отправить комментарий